«САЮ́З ПРАЛЕТАРЫЯТУ ГО́РАДА І ВЁСКІ»

(«Związek Proletariatu Miasta і Wsi»),

легальная арганізацыя Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), створаная ў жн. 1922 з мэтай удзелу ў выбарах у сейм і сенат. Пазбаўленая магчымасці выступаць адкрыта, КПРП стварыла легальную выбарчую арг-цыю «С.п.г. і в.», ЦК якой выклаў выбарчую праграму партыі ў адозве. У Зах. Беларусі выбарчыя к-ты саюза дзейнічалі ў Брэсце, Беластоку, Гродне, Вільні, Кобрыне, Лідзе. Яны ядналі вакол сябе рэв. актыў, наладжвалі мітынгі, сходы, распаўсюджвалі камуніст. л-ру. Нягледзячы на рэпрэсіі ўлад, арышты актывістаў, ануляванне ў многіх выбарчых акругах бюлетэняў і спісаў, за кандыдатаў «С.п.г. і в.» пададзена больш за 132 тыс. галасоў, з іх у Зах. Беларусі 23 тыс.; пасламі (дэпутатамі) сейма абраны камуністы С.​Ланцуцкі і С.​Крулікоўскі. Саюз існаваў да пач. 1925; у 1923, 1924 ён удзельнічаў у выбарах у гар. рады і праўленні бальнічных кас.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)